Актыўная падтрымка культурных сувязяў нашых краін — важная частка маёй працы ў якасці пасла Аўстрыйскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, акрамя таго, гэта — маё шчырае жаданне. Улічваючы, што 2016 год стаў годам адкрыцця Амбасады Аўстрыі ў Беларусі, а таксама афіцыйна быў названы Годам культуры ў Рэспубліцы Беларусь, правядзенне такога маштабнага фестывалю аўстрыйскай культуры, як Аўстрыйскі культурны сезон, найлепшым чынам упісваецца ў гэты падзейны кантэкст і ўстанаўлівае новыя стандарты і фарматы актыўнага культурнага супрацоўніцтва.

Нашы краіны былі звязаны адна з адной на працягу іх шматвяковай гісторыі не толькі палітычнымі адносінамі, але і адносінамі ў сферы мастацтва і культуры. Пры гэтым ні на адным з этапаў развіцця нашай гісторыі мы не мелі параўнальных з сённяшнім магчымасцяў і ўмоў, у якіх мог бы ўзнікнуць культурны абмен на такім высокім узроўні.

Свет стаў больш даступным — падарожнічаць лягчэй, а дзякуючы новым тэхналогіям атрымаць інфармацыю можна ў лічаныя секунды. Усё гэта дазваляе знаёміцца з творчым патэнцыялам любой краіны ў небывалых да гэтага маштабах. Многія аўстрыйскія інстытуты і дзеячы мастацтва ўжо маюць вопыт культурнага абмену з Рэспублікай Беларусь, а для іншых беларуская культура з’яўляецца зусім незнаёмай тэрыторыяй. Менавіта таму мы арганізуем аўстрыйскі сезон як праект, што дапаможа пашырыць існуючыя кантакты і атрымаць новыя стымулы да сумеснай дзейнасці.

Дзякуючы Аўстрыйскаму культурнаму сезону 2016/2017 усяго за адзін год Беларусь наведае цэлы шэраг аўстрыйскіх мастакоў і дзеячаў культуры з розных галiн. Амбасадзе Аўстрыі і Культурнаму форуму вельмі важна, каб Аўстрыю прадстаўлялі не толькі вядомыя культурныя дзеячы, але і маладое пакаленне.

Як пасол Аўстрыі ў Беларусі я рад магчымасці прэзэнтаваць Аўстрыйскі культурны сезон 2016/2017 разам з дырэктарам Аўстрыйскага культурнага форума, спадаром Сымонам Мразом.

Я хачу падзякаваць усім спонсарам, якія падтрымалі нашу ініцыятыву і прымаюць удзел у яе ажыццяўленні, у тым ліку партнёрам у Беларусі. Акрамя таго, я хацеў бы пажадаць арганізатарам фестывалю і публіцы, якая наведае падзеі Культурнага сезона, самых разнастайных мастацкіх уражанняў і новых імпульсаў для сумесных праектаў!

Аляксандэр Баерль
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Аўстрыйскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь

Ва ўсе часы культура мела унікальную здольнасць збліжаць людзей, падахвочваючы іх суперажываць адзін аднаму, дапамагаючы ім адкрываць дзіўна багатую палітру пачуццяў, адлюстраваную ў слове, гуку, руху, выяве і скульптуры.

У гэтым сэнсе Аўстрыя валодае унікальным гістарычным вопытам і значнымі культурнымі традыцыямі, будучы сусветнай сталіцай класічнай музыкі і тэатральнага мастацтва, адной з самых музычных краін Еўропы.

Праграма Аўстрыйскага культурнага сезона ў Беларусі вельмі насычаная і разнастайная, яна ўключае ў сябе канцэрты класічнай музыкі, тэатральныя пастаноўкі, выставы сучаснага мастацтва, фестываль аўстрыйскага кіно, публікацыі сучасных аўстрыйскіх паэтаў і пісьменнікаў на беларускай мове ў вядучых літаратурных часопісах Рэспублікі.

Такi грандыёзны культурны праект, несумненна, будзе спрыяць духоўнаму яднанню нашых народаў, умацаванню даверу і ўзаемаразумення паміж краінамі. Упэўнены, што фестываль аўстрыйскага мастацтва пройдзе ярка і відовішчна, падорыць ўдзельнікам і гледачам самыя пазітыўныя ўражанні.

Мы вельмі ўдзячныя Пасольству Аўстрыйскай Рэспублікі ў Расійскай Федэрацыі, Пасольству Аўстрыйскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь за арганізацыю такога маштабнага мерапрыемства і спадзяемся, што Аўстрыйскі культурны сезон у Беларусі стане магутным імпульсам для будучага супрацоўніцтва, а таксама паслужыць асновай для рэалізацыі новых ідэй і сумесных праектаў.
Жадаю вам поспехаў, яркага свята і незабыўных уражанняў ад сустрэч з прызнанымі майстрамі мастацтва!

БАРЫС СВЯТЛОЎ
Міністр культуры Рэспублікі Беларусь

«Прiорбанк» заўсёды аказваў падтрымку праектам у галiне культуры і мастацтва, у тым ліку міжнародным. Гэтая сфера — жыватворная глеба, якая дае добрыя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя дывідэнды.

Калі беларусы і аўстрыйцы будуць больш ведаць пра багатыя культурныя традыцыi адзiн аднаго, нам будзе прасцей развіваць сувязі ў астатніх сферах. Мы зможам лепш разумець, давяраць і, калі хочаце, мець больш агульнага паміж сабой. Гэта часта аказваецца прадуктыўней ў адносінах краін, чым шматмільённыя дзелавыя кантракты.

З’яўляючыся часткай аўстрыйскай банкаўскай групы «Райффайзен» з 2003 года, «Прiорбанк» імкнецца садзейнічаць умацаванню культурных сувязяў паміж нашымі краінамі. Так, на працягу некалькіх гадоў банк фінансуе міжнародны студэнцкі абмен паміж Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў і Універсітэтам мастацтваў і прамысловага дызайну. Акрамя таго, дзякуючы падтрымцы нашага банка, беларусы змаглі атрымаць асалоду ад выступлення такіх вядомых аўстрыйскіх выканаўцаў, як Цiмна Брауэр і Лізавета Лявонская. «Прiорбанк» удзельнічаў у арганізацыі візітаў у Беларусь прадстаўнікоў Аўстрыйска-Беларускага таварыства, якія правялі шэраг семінараў аб Аўстрыі для беларускіх школьнікаў і студэнтаў. Банк садзейнічаў прыезду ў Беларусь прадстаўнікоў дабрачыннай арганізацыі з горада Матзэ. Добрай традыцыяй стала правядзенне ўрачыстых мерапрыемстваў з нагоды Нацыянальнага дня Аўстрыйскай Рэспублікі, якія з’яўляюцца выдатнай падставай для жывой размовы прадстаўнікоў палітычных і дзелавых колаў нашых краін.

Упэўнены, што правядзенне Аўстрыйскага культурнага сезона ў Рэспубліцы Беларусь адкрые яшчэ адну старонку ў культурным супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Аўстрыяй.

Сяргей Касцючэнка
Старшыня Праўлення ААТ «Прiорбанк»

Як кампанія родам з Аўстрыі, Kronospan рада падтрымаць ініцыятыву Аўстрыйскага культурнага форума і правесці першы вялікі сумесны праект. Аўстрыйскі культурны сезон дае нам магчымасць прадэманстраваць культуру Аўстрыі, падзяліцца ідэямі і стаць бліжэй адзін аднаму. Kronospan працуе ў Беларусі з 2011 года. За гэты час мы інвеставалі больш за 770 мільёнаў еўра ў развіццё дрэваапрацоўчай прамысловасці на тэрыторыі Беларусі. Наша дзейнасць з’яўляецца доказам эфектыўнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі: аўстрыйскі вопыт у спалучэнні з кампетэнцыямі беларускіх спецыялістаў дазволіў сфармаваць ідэальную аснову для будучага поспеху. Мы верым, праект Аўстрыйскага культурнага форума стане важным крокам на шляху да больш маштабнага супрацоўніцтва Аўстрыі і Беларусі не толькі ў камерцыйным сектары, але і ў сферы культуры, што прывядзе да ўзаемаразумення на новых узроўнях.

Дэвід Брэнэр
Кіраўнік глабальнага напрамка па сувязях з грамадскасцю кампаніі Kronospan

Кантакты

Аўстрыйскі культурны форум у Маскве

Стараканюшанны завулак, 1
119034, Масква

Тэл.: +7 (495) 780-60-66
Факс: +7 (495) 937-42-69